30 кастрычніка-1 лістапада 2026 года: фестываль PRADMOVA ў Празе (праграма)
1 min read
Імпрэзы фестывалю пройдуць па адрасе: U Lužického semináře 13, Praha 1.
Генеральныя партнёры фестывалю PRADMOVA 2026 у Празе: The German Marshall Fund of The United States іEuroBelarus.
Суарганізатары: Беларускі інстытут у Празе (Běloruský institut v Praze), Таварыства сяброў Лужыцы (Společnost přátel Lužice).
Партнёры пражскай праграмы: Магістрат Прагі (Magistrát hlavního města Prahy), Беларускае студэнцтва Чэхіі (Bělaruské studentstvo ČR), Асветніцкая суполка «Скарына» (Osvětový spolek Skaryna).
Генеральны інфапартнёр: Bellit.info. Інфапартнёры: Reform.news, “Літрадыё”.
Кніжны кірмаш будзе размешчаны на першым паверсе пляцоўкі. Там будуць прадстаўленыя выдавецтвы Gutenberg, RozUm Media, Kamunikat, “Мяне Няма”, “Полацкія лабірынты”, Vesna, hochroth Minsk, “Янушкевіч”, Skaryna Press, SayBeat, а таксама кнігі выдавецтваў Surma, Lingua.by, Букініст:ка, “Пфляўмбаўм”, “Логвінаў” і іншых.
Падчас фестывалю будзе працаваць выстава PrisonArt — галерэя-архіў малюнкаў палітвязняў Беларусі, якія апынуліся за кратамі пасля выбараў прэзідэнта ў 2020 годзе і падзей у наступныя гады (экспануецца частка твораў).
Уваход на ўсе імпрэзы фестывалю вольны.
30 кастрычніка 2026 года, пятніца
ПЛЯЦОЎКА А, U Lužického semináře 13, Praha 1
17.00-18.00 – «Кніга, якой магло не быць: як Быкаў пісаў “Доўгую дарогу дадому”».
Прэзентацыя новага выдання «Доўгай дарогі дадому» Васіля Быкава будзе прысвечаная не толькі самой аўтабіяграфіі пісьменніка, але і гісторыі яе стварэння. Напісаная ў 2002 годзе, на схіле жыцця і ў вымушанай эміграцыі, гэтая кніга стала найбольш адкрытым і спавядальным творам Быкава — размовай пра дзяцінства, вайну, літаратуру, савецкую сістэму, Беларусь і ўласныя жыццёвыя выбары. Удзельнікам сустрэчы будзе Аляксандр Лукашук, тагачасны дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода і адзін з людзей, без якіх «Доўгая дарога дадому» магла б не з’явіцца. Разам з Сяргеем Навумчыкам ён пераконваў Быкава ў неабходнасці напісаць успаміны, падтрымліваў яго падчас жыцця ў Празе, чытаў тэксты, абмяркоўваў іх з аўтарам і быў для яго адным з найбліжэйшых суразмоўцаў у апошнія гады. Лукашук раскажа, як Быкаў пагадзіўся пісаць аўтабіяграфію, як ішла праца над рукапісам, што абмяркоўвалася паміж аўтарам і рэдактарамі і якім быў Быкаў у прыватнай камунікацыі. Асобнай крыніцай для размовы стане іх ліставанне, пазней апублікаванае Лукашукамі ў кнізе «Лісты цяпер для мяне манна нябесная…», — сведчанне жыцця пісьменніка ў эміграцыі, яго працы, сумневаў і сувязі з Беларуссю.
Удзельнікі: Аляксандр Лукашук, Павел Баркоўскі.
18.00-19.30 – Дыскусія «Вацлаў Гавэл і Беларусь». Алена Ціхановіч, Томаш Госкавец, Аляксандр Лукашук.Мадэратар Аляксандр Паршанкоў.
Дыскусія, прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння Вацлава Гаўла. Людзі, якія ведалі Гаўла і працавалі з ім, падзеляцца сваімі ўспамінамі і паспрабуюць адказаць на пытанне, чым Гавэл актуальны сёння.
19.30-21.00 – «Вышэй, чым на гэтым свеце»: памяці паэтаў. Удзельнічаюць Андрэй Хадановіч, Яўген Барышнікаў, Сяргей Шупа.
Ноч з 29-га на 30-га кастрычніка 1937 года, бясспрэчна, – чорная дата ў гісторыі нашай культуры. Разам з тым штогод беларусы ўсяго свету ўшаноўваюць памяць ахвяраў тэрору, чытаючы іх вершы і наагул класічную ды сучасную беларускую паэзію. Вяртаючы “старанна забытыя” ў савецкія часы імёны; нагадваючы, што мастацкім словам можна і сёння супраціўляцца гвалту і хлусні, выражаць салідарнасць і падтрымку.
Удзельнікі вечарыны ў межах пражскага фестывалю “Pradmova” далучацца да Ночы (не)расстралянай паэзіі. Андрэй Хадановіч прачытае вершы і пераклады рэпрэсаваных – сярод іншых, Юлія Таўбіна і Мойшэ Кульбака. Прагучаць таксама творы Сяргія Жадана, прысвечаныя ўкраінскаму “Расстралянаму Адраджэнню”, Канстанты Ільдэфанса Галчыньскага, напісаныя ў нямецкім палоне, і вершы ваеннага часу Ірыны Шувалавай. Будуць новыя вершы Андрэя Хадановіча з кнігі “У Бога на паўзе”. Яўген Барышнікаў не толькі забяспечыць музычную падтрымку вершам і перакладам, але й выканае некалькі ўласных песень, а перакладчык і выдавец Сяргей Шупа прачытае некалькі твораў Кульбака ў арыгінале, на мове ідыш.
31 кастрычніка 2026 года, субота
ПЛЯЦОЎКА А, U Lužického semináře 13, Praha 1
10.00-10.45 – Прэзентацыя выданняў Працоўні Даследаванняў Тэатра і Драматургіі Кафедры беларусістыкі з нагоды 10-годдзя Працоўні і 70-годдзя Кафедры.
Выданні прысвечаныя розным аспектам развіцця беларускай літаратуры. Першае прапануе новы погляд на літаратурныя дасягненні і постаць Васіля Быкава. Другое разглядае асобныя аспекты творчасці Альгерда Бахарэвіча. Трэцяе ўключае працы вядомых еўрапейскіх навукоўцаў. Чацвёртае — працы маладых навукоўцаў.
Удзельнік: прафесар Андрэй Масквін. Мадэратарка: Алена Маркава.
10.50-11.40 – 150-hodździe Ciotki: feminisckaja i moŭnaja hrafičnaja spadčyna
Сёлета ўлетку споўнілася 150 год Цётцы, клясыкіні беларускай літаратуры. Важны юбілей ня толькі для беларускай літаратуры, але і фэмінізму. Цётка стаяла ля вытокаў сучаснай барацьбы за правы кабетаў. Іншым актуальным аспэктам дзейнасьці і творчасьці Цёткі зьяўляецца ейная моўная графічная разнастайнасьць: вядома, паэтка пісала як лацінкай, так і кірыліцай. На тле забароны лацінкі ў Беларусі, а таксама ўлічваючы сымпатыі самой Цёткі да лацінкі, выдавецтва “Скарына” падрыхтавала другую кнігу ў “Віленскай сэрыі” — творы пісьменьніцы на лацінцы. Пасьля прэзэнтацыі ўдзельнікі Ўладзіслаў Гарбацкі і Ігар Іваноў — пагутараць пра актуальнасьць беларускай лацінкі на прыкладзе твораў Цёткі, але і многіх іншых літаратараў ды літаратарак.
Удзельнікі: Уладзіслаў Гарбацкі, Ігар Іваноў.
11.45-13.00 – «Адмыслоўцы шалёнага часу»: прэзентацыя анталогіі сучаснай беларускай літаратуры ў перакладзе на нарвежскую мову.
Размова рэдактаркі і перакладчыцы Марыны Хоббель, рэдактаркі і складальніцы Ульяны Верынай з аўтарамі анталогіі Альгердам Бахарэвічам, Юляй Цімафеевай, Дзмітрыем Строцавым і Уладзіславам Гарбацкім.
13.10-14.00 – Два спосабы ўбачыць мінулае: Крысьціна Сабаляўскайце і Вольга Такарчук. Размова перакладчыкаў пра раманы «Silva Rerum» і «Кнігі Якуба».
Што зьмяняецца ў гістарычным рамане, калі гісторыю пішуць жанчыны? Ці можна давяраць гістарычнаму раману? Хто мае права гаварыць ад імя мінулага? У цэнтры размовы — два вялікія (ня толькі ў колькасным, але і ў якасным вымярэньні) гістарычныя раманы сучаснай эўрапейскай літаратуры: «Кнігі Якуба» Вольгі Такарчук і «Silva rerum» Крысьціны Сабаляўскайце. Абедзьве пісьменьніцы вяртаюцца ў сьвет Рэчы Паспалітай — шматмоўны, шматканфэсійны, складаны і зусім не падобны да сучаснай карты Эўропы. Але робяць гэта па-рознаму. Сабаляўскайце стварае густую, амаль адчувальную на дотык атмасфэру Вільні і жыцьця адной шляхецкай сям’і. Такарчук дасьледуе, як нараджаюцца гістарычныя наратывы і што адбываецца там, дзе маўчаць дакументы. Пагаворым пра ВКЛ, пра Рэч Паспалітую, пра мову і рэлігію, пра жаночыя галасы, памяць і бяспамятнасьць — і пра тое, ці можа літаратура паказаць мінулае такім, якім яго ня здольная паказаць афіцыйная гісторыя. Два раманы пра адзін гістарычны сьвет – і вельмі розныя спосабы яго ўбачыць.
З удзелам Сяргея Шупы.
14.05-14.45 – «Як з’явілася “Сваё”? Авантуры першага перакладу Марка Шагала на беларускую мову».
Гісторыя першага перакладу Марка Шагала на беларускую мову. Чаму «Моя жизнь» ператварылася ў «Сваё»? Як узнікла гэтая ідэя і з якімі нечаканымі праблемамі давялося сутыкнуцца перакладчыку? Што лічыць арыгіналам і чаму французскае выданне выклікае пытанні? І нарэшце — як Шагал гучыць па-беларуску?
Удзельнікі: Сяргей Шупа, Цімур Кудзеліч.
14.50-15.45 – Размова вакол кнігі Сабіны Брыло «Справа Віктара Бабарыкі».
Як выглядае справа звонку — праз дакументы, сведчанні і судовыя матэрыялы — і знутры, вачыма чалавека, які яе пражыў? Што Віктар Бабарыка пазнае ў кнізе пра сябе і сваю справу, а што бачыць інакш? Ці можа аўтарка даведацца пра героя тое, чаго ён сам у момант падзей не ведаў? І што, наадварот, ніколі не трапляе ў дакументы і застаецца толькі ў памяці чалавека? Як змяняецца погляд на ўласную гісторыю пасля турмы? І што адбываецца з ужо напісанай гісторыяй, калі яе герой нарэшце атрымлівае магчымасць загаварыць сам?
Удзельнічаюць: Таццяна Нядбай, Віктар Бабарыка.
15.50-16.50 – Sumus ne simus. Прэзэнтацыя зборніка твораў Алеся Разанава ў італьянскіх і нямецкіх перакладах.
Другая кніга ў серыі “Contesto” італьянскага выдавецтва WriteUp Books прысвечана творчасці Алеся Разанава – аднаго з найбольш таленавітых і яскравых беларускіх паэтаў. У кнігу-трылінгву ўвайшла значная частка эксперыментальных твораў паэта-філосафа. Усе арыгінальныя тэксты на беларускай мове суправаджаюцца перакладамі на італьянскую і нямецкую, за выключэннем раздзела вершаказаў, дзе на нямецкай мове гучыць толькі адзін твор (“Скрынка”). Акрамя перакладаў складальнікаў зборніка, у кнізе ёсць пераклады на нямецкую Эльке Эрб, Уладзіміра Чапегі і Галіны Скакун, якія друкаваліся і раней у нямецкіх выданнях. Прадмову да кнігі напісала вядомая даследчыца беларускай літаратуры Ульяна Верына, а вокладку намалявала мастачка Святлана Софія Дземідовіч. Актыўны ўдзел у падрыхтоўцы выдання прымаў таксама Алессандро Акіллі, які дапамагаў рэдагаваць італьянскія пераклады.
Удзельнічаюць: Алессандро Акіллі (Alessandro Achilli) — мадэратар імпрэзы, Ульяна Верына (Ulyana Veryna) – аўтарка прадмовы, Мая Галаванава (Maya Halavanava) м перакладчыца і ўкладальніца кнігі, Томас Вайлер (Thomas Weiler) — перакладчык і ўкладальнік кнігі (анлайн).
17.00-18.00 – Дыскусія на тэму «Свая і чужая Бацькаўшчына» вакол новага рамана Альгерда Бахарэвіча «Падземныя пераходы» з удзелам аўтара, рэдактара Сяргея Шупы і выдаўца Андрэя Янушкевіча.
18.05-19.00 – Ці патрэбная беларусам паэзія? Дыскусія з нагоды пяцігоддзя анлайн-часопіса сучаснай паэзіі Taubin.
Ці чытаюць беларусы паэзію? Ці запатрабаваная яна зараз? Якія тэндэнцыі сучаснай паэзіі можна заўважыць? Якую ролю адыгрывае інтэрнэт-часопіс Taubin у беларускай літаратуры? Ці праўдзівае выказванне, што “ў Беларусі кожны другі — паэт”? Пра гэта і іншае паразмаўляюць Ульяна Верына, Артур Камароўскі, Лусінэ і Ганна Шакель.
19.05-19.45 – Дарога ў «Краіну Сноў» Г.Ф. Лаўкрафта — дарога дадому.
Лаўкрафт так шчыра верыў у непазбежны, злавесны касмічны хаос, але сам горача прагнуў вярнуцца ў дзіцячыя гады. Краіна Сноў для яго — гэта апошняя лінія абароны чалавечай душы супраць халоднай існасці. Жахі тут прысутнічаюць, але яны ўжо не з’яўляюцца асноўнай мэтай. Яны — перашкоды на шляху да самаўдасканалення і ўнутранага спакою. Прайсці гэтыя шляхі разам з героямі, наведаць старажытны Ламар або Келефаіс, зноўку ўсвядоміць моц мары і ўяўлення — цудоўны выклік для сучаснага чытача, які штодня змагаецца з інфармацыйным шумам і разбалансаванасцю.
Удзельнічаюць: Ілля Сугака, кіраўнік ініцыятывы BelRead і групы перакладчыкаў, Андрэй Хадановіч, рэдактар кнігі.
20.00-21.00 – Паказ дакументальнага фільма «Вырай» з дыскусіяй.
«Вырай» — аўтарскае дакументальнае эсэ, якое даследуе феномен так званага «рускага свету», яго прысутнасць і ўплыў у сучаснай Славакіі, а таксама спрабуе параўнаць гэты досвед з беларускім кантэкстам. Для беларусаў «рускі свет» з’яўляецца не толькі культурным або моўным паняццем, але і рэальнасцю, якая на працягу дзесяцігоддзяў фармавала калектыўнае ўспрыманне, ідэнтычнасць і спосаб мыслення. Беларусь апынулася ў сітуацыі, калі расійскі культурны і інфармацыйны ўплыў стаў настолькі глыбокім, што многія яго элементы ўспрымаюцца як натуральныя і ўласныя. Фільм разглядае гэтае пытанне праз асабісты і назіральны погляд аўтара, спалучаючы дакументальныя назіранні, візуальнае эсэ, архіўныя матэрыялы і мастацкія алюзіі. Адным з важных мастацкіх арыенціраў фільма з’яўляецца беларускі мастак і перформер Алесь Пушкін. Яго творчасць, грамадзянская пазіцыя і метад мастацкага супраціву адлюстроўваюцца ў фільме праз аўтарскія амажы. Пасля паказу плануецца адкрытая дыскусія з рэжысёрам.
З удзелам Валера “Шчырага” Нескарадзянага.
21.00-22.00 – Праграма «Беларускія калыханкі» ад Сяржука Доўгушава.
ПЛЯЦОЎКА Б, U Lužického semináře 13, Praha 1
11.45-13.00 – Як езуіты бачылі Полацк — і чаго яны не заўважалі? Размова вакол выдання «Крыніцы па гісторыі Полацкага калегіума Таварыства Езуса 1579–1611».
Удзельнічаюць: Ніна Скеп’ян, кіраўніца праекта выдання, дырэктарка Беларускага інстытута ў Празе; Аляксандр Паршанкоў, гісторык, даследчык кніжнай культуры Вялікага Княства Літоўскага.
13.10-14.00 – Gonzo, бітнікі і актывізм. Прэзэнтацыя кнігі Макса Шчура «Разьюшанасьць і любоў».
Гутарка пра аўтафікшн, антылітаратуру, бітніцкую традыцыю, гонза-журналістыку і свабоду мастацкага выказваньня. Асобная ўвага — кліматычнаму і палітычнаму актывізму, асабістаму досьведу ўдзелу ў пратэстах і пошуку месца літаратуры ў сьвеце, які імкліва зьмяняецца.
Удзельнічаюць: Макс Шчур, Павел Лягчылаў.
14.05-14.45 – Сцэна выгнання. Сёмы сезон беларускага тэатра на чужыне.
Беларускі тэатр пасля 2020 года апынуўся ў сітуацыі, якой не існавала раней: рэпрэсіі, выгнанне, разрыў з нацыянальнай тэатральнай інфраструктурай і неабходнасць ствараць тэатр па-за межамі краіны сталі часткай ягонай рэальнасці. Але выгнанне — гэта не толькі страта і вымушанае перамяшчэнне. Гэта таксама новая форма існавання, новыя тэатральныя мовы, аўдыторыі, спосабы працы і ўяўленне пра тое, чым можа быць нацыянальны тэатр. У кнізе «Kupałowcy. Teatr narodowy na wygnaniu» даследуецца гісторыя і трансфармацыя групы “Вольныя Купалаўцы”— аднаго з найбольш важных сімвалаў беларускага тэатральнага супраціву. Што прынёс сёмы тэатральны сезон? Як змяняюцца адносіны паміж тэатрам, беларускай аўдыторыяй і еўрапейскім культурным кантэкстам? Ці можна казаць ужо не пра «выгнанне», а пра новую мадэль існавання беларускага тэатра? Асобная ўвага будзе нададзена новым спектаклям, тэмам і мастацкім стратэгіям апошняга сезона: што змянілася ў тэатральнай мове, пра што беларускія тэатры гавораць сёння і як змяняецца іх погляд на досвед рэпрэсій, эміграцыі, вайны, памяці і ідэнтычнасці.
Удзельнічаюць: Ірына Лаппо, Наталля Русецкая.
14.50-15.45 – Калі Беларусь стала іншай: аповед пісьменніка з «Юго-Запада» другой паловы дзевяностых.
Размова пра другую палову 1990-х — перыяд, калі фармавалася тая Беларусь, якую мы ведаем сёння. Уладзімір Казлоў тады ўжо скончыў універсітэт і працаваў у газеце. У сваім рамане «Юго-запад» ён апісвае ўласнае жыццё таго часу. Так прыватная гісторыя перарастае ў аўтабіяграфічны эпас: праз лірычны дзённік вымалёўваецца карціна пераломнай эпохі, спадчына якой працягвае ўплываць на нас і сёння.
Удзельнічаюць: Уладзімір Казлоў, Цімур Кудзеліч.
15.50-16.50 – «Сем гадоў беларускага Адраджэньня: Страчаны шанец?».
Прэзентацыя дапоўненага выдання кнігі Сяргея Навумчыка «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988–1995)» будзе прысвечаная аднаму з самых пераломных перыядаў найноўшай гісторыі Беларусі — ад узнікнення масавага нацыянальна-дэмакратычнага руху напрыканцы 1980-х да першых гадоў незалежнасці і пачатку фармавання аўтарытарнай сістэмы. Падчас сустрэчы гаворка пойдзе пра Беларускі Народны Фронт і нацыянальнае Адраджэнне, здабыццё незалежнасці, палітычныя спрэчкі першай паловы 1990-х, а таксама пра прычыны, якія, на думку аўтара, прывялі да паразы дэмакратычных і нацыянальных сілаў і перамогі прамаскоўскага палітычнага курсу. Асобнай тэмай стане пытанне, як сёння, праз тры дзесяцігоддзі, выглядаюць тыя сем гадоў: што ў сваіх тагачасных ацэнках аўтар лічыць пацверджаным наступнымі падзеямі, што бачыць інакш і чым дапоўненае выданне адрозніваецца ад кнігі, якая ўпершыню выйшла ў 2006 годзе.
Удзельнічаюць: Сяргей Навумчык; вядоўца Яраслаў Іванюк.
18.05-19.00 – «Кароткае апавяданьне: Свет у некалькіх старонках».
Размова пра сучасны стан жанру кароткага апавяданьня ў беларускай і сусьветнай літаратуры ў рамках прэзэнтацыі зборніка іншасказальных і гратэскных апавяданьняў Сяргея Абламейкі «Горная краіна». Падчас сустрэчы гледачы і слухачы даведаюцца пра разьвіцьцё жанру кароткага апавяданьня ў сучаснай англамоўнай, славянамоўнай і скандынаўскай літаратуры. Абмяркоўвацца будзе, сярод іншага, творчасьць Нобэлеўскай ляўрэаткі па літаратуры, канадыйскай пісьменьніцы Эліс Манро, якая пісала кароткія апавяданьні і навэлі. Таксама гаворка пойдзе пра кароткі жанр у сучаснай беларускай літаратуры і месца ў ёй апавядальнай прозы Сяргея Абламейкі.
Удзельнічаюць: Сяргей Абламейка, Аляксандар Лукашук і Ян Максімюк.
19.05-19.45 – «На мяжы паэзіі і аўтафікшну: Тонкая кніга пра тое, чаго нельга растлумачыць».
Прэзентацыя кнігі Аляксандра Лукашука «Незавершанасць. Тонкая кніга» стане размовай пра незвычайны для аўтара паварот — ад дакументальных і гістарычных даследаванняў да кнігі пра любоў, паэзію, памяць і ўласнае жыццё. Сам Лукашук іранічна заўважае, што «выдаваць першую кніжку пра любоў у 70 гадоў даволі сумнеўна», але менавіта любоў — як прысутнасць, успамін і спроба зразумець іншага чалавека — становіцца адным з цэнтраў гэтай кнігі. Падчас сустрэчы Аляксандр Лукашук раскажа, што для яго азначае «незавершанасць» і чаму кніга атрымала падзагаловак «Тонкая кніга». Размова пойдзе і пра яе жанр: ці гэта паэзія, эсэістыка, дакументальная проза, аўтафікшн — ці свядомая адмова ад такіх межаў.
З удзелам Яраслава Іванюка і Аляксандра Лукашука.
1 лістапада 2026 года, нядзеля
ПЛЯЦОЎКА А, U Lužického semináře 13, Praha 1
11.00-11.40 – Ляці, ляці сюрыкэн. Вершы на беларуска-чэшскім памежжы. Кніга Лусінэ.
«ляці ляці сюрыкэн» — кніга, напісаная беларускай у Празе. Што значаць для аўтаркі дзве мовы паэзіі – беларуская і чэшская? Гэта свабода ці вымушанасць? Гэта пераходны стан ці дасягнутая паўната? Ці памежжа — гэта і ёсць свабода — слова+рух+музыка+візуалізацыя?
Удзельнічаюць: Дзмітрый Строцаў, Лусінэ.
11.45-12.30 – Чарнобыль: зрабіць нябачнае бачным.
Да 40-й гадавіны Чарнобыльскай катастрофы выдавецтва «Пфляўмбаўм» рыхтуе зборнік эсэ «Пакаленне Чарнобыля: галасы з Беларусі і Украіны». У кнігу ўвайшлі тэксты беларускіх і ўкраінскіх аўтарак, якія па-рознаму звяртаюцца да досведу Чарнобыля — асабістага, сямейнага і калектыўнага. У межах размовы мы прапануем паглядзець на Чарнобыль не толькі як на катастрофу 1986 года, але як на тое, што працягвае прысутнічаць у нашым жыцці — часам відавочна, а часам нябачна. Як радыяцыя, страх, памяць і наступствы катастрофы становяцца часткай штодзённасці? Што застаецца па-за межамі афіцыйных наратываў і статыстыкі? У размове возьмуць удзел аўтаркі зборніка. Праз літаратуру, асабістыя гісторыі і ўспаміны паспрабуем пагаварыць пра Чарнобыль як пра досвед, які працягвае фармаваць памяць, ідэнтычнасць і ўяўленне пра будучыню ў Беларусі і Ўкраіне.
Удзельнічаюць: Вольга Гапеева, Лусінэ, Сяргей Шупа.
12.30-13.25 – Прэзентацыя кніг «Кровазварот» і «Рэжу гісторыю сабой. Вершы і калажы».
“Кровазварот”: «сплятаю сваю гісторыю з ашмоцця,/з рыззя, з лахманоў, з няроўных латак памяці,» — створаны ў выгнанні цыкл вершаў Юлі Цімафеевай з’яўляецца фармальна адкрытым праектам памяці, які прасочвае яе беларускую сямейную гісторыю, што, працягваючыся ад Беларусі праз Заходнюю Еўропу да Канады, ахоплівае цэлае стагоддзе. За нямецкі пераклад гэтай кнігі аўтарка атрымала Прэмію Хільдэ Дамін за літаратуру ў выгнанні (Хайдэльберг, Германія). Кніга таксама была ў кароткім спісе Internationaler Literaturpreis 2026 (Германія), а таксама ў спісе найлепшых паэтычных кніг Lyrik-Empfehlungen 2026 (Германія). Знаходзіцца ў кароткім спісе беларускай Прэміі Францішка Багушэвіча.
Пра кнігу “Рэжу гісторыю сабой. Вершы і калажы/ Ich zerschneide die Geschichte. Lyrik und Collagen”. Што застаецца, калі прывычны лад жыцця разрываецца? Беларуская паэтка і перакладчыца Юля Цімафеева пакінула радзіму ў 2020 годзе з палітычных прычын. У 2024 годзе ў Гамбургу яна занялася папяровымі калажамі — гульня набыла сур’ёзнасць, з абрэзкаў паўсталі метафары. Бо выгнанне азначае быць выразанай нажніцамі гісторыі. Калажы, змантаваныя са старых кніг і часопісаў, праз абсурдныя кампазіцыі ствараюць свет наноў. Іх суправаджаюць кароткія вершы, якія не даюць тлумачэнняў, а толькі падказкі – паэтычныя намёкі на разарваную ідэнтычнасць у пошуках новага сэнсу. Гэта асабісты і па-мастацку захапляльны твор пра выгнанне, страту і крохкасць складання ўласнай гісторыі. Кніга ў выглядзе двумоўнага выдання выйшла ў берлінскім выдавецтве “Edition frölich” у 2025 годзе. Пераклад на нямецкую — Ціна Вюншман.
Удзельнічаюць: Юля Цімафеева, мадэратар Альгерд Бахарэвіч.
13.30-14.25 – Слоўнік намады (Wörterbuch einer Nomadin) і іншыя кніжкі. Размова і чытанне з Вольгай Гапеевай. Мадэрацыя: Уладзіслаў Гарбацкі.
“Слоўнік намады” — назва новай кнігі беларускай паэткі, пісьменьніцы Вольгі Гапеевай, якая ў лютым 2026 выйшла па-нямецку. Уладзіслаў Гарбацкі пагутарыць зь пісьменьніцай пра новую кнігу, пра лёс (беларускіх) намадаў у Эўропе і сьвеце, пра мову, ідэнтычнасьць, прыналежнасьць, а таксама пра адчужэньне, дом, гендар і патрыярхат. Пісьменьніца падзеліцца ўражаньнямі і сакрэтамі свайго намаднага жыцьця паміж Беларусьсю і Нямеччынай, Крытам і Японіяй. Апрача ўсяго чытацтва чакае чытаньне з новай кнігі паэткі, а таксама твораў з неапублікаванай спадчыны.
14.30-15.10 – «З Порту да Сант’яга»: прэзентацыя кнігі Стэфана Корфа.
Стэфан Корф восенню 2025 года прайшоў 300 км па шляху Сант’яга — і запісаў свае ўражанні ў фармаце дзённіка. Запрашаем паразмаўляць з аўтарам пра дарогі, якія мы выбіраем, пра досвед, які атрымліваем з такіх падарожжаў. І пра літаратуру, якая паўстае пасля такіх падарожжаў.
З удзелам Стэфана Корфа.
15.15-16.00 – Анатомія надзеі: ад еўрапейскай літаратуры да Бён-Чхоль Хана. Лекцыя-прэзентацыя да выхаду беларускага перакладу кнігі «Дух надзеі. Супраць грамадства страху».
Надзею рэдка шанавалі ў еўрапейскай думцы. Стагоддзямі пісьменнікі і філосафы бачылі ў ёй ілюзію, пасіўнае чаканне, бяссілле або самаабман, які аддаляе чалавека ад рэальнасці. Выхад беларускага перакладу эсэ Бён-Чхоль Хана «Дух надзеі» становіцца нагодай прасачыць гэты скептычны шлях еўрапейскай думкі і зразумець, як сучаснаму карэйска-нямецкаму філосафу ўдаецца перавярнуць уяўленне пра надзею і вярнуць ёй дзеяздольнасць.
16.05-17.00 – «Каліноўскі рэальны, Каліноўскі літаратурны». Размова з аўтарам кнігі «Лексікон “Каласоў пад сярпом тваім”».
Удзельнічаюць: Аляксандр Фядута, Сяргей Абламейка.
17.00-17.50 – «Чалавечая трагікамедыя». Культавы чэшскі дзівак Ладзіслаў Кліма ўпершыню па-беларуску.
Перакладчык і фундатар выдання кнігі Макс Шчур апавядзе пра Ладзіслава Кліму, яго значэнне для чэшскай культуры, гісторыю стварэння перакладу, зачытае ўрыўкі з твораў і адкажа на пытанні публікі.
З удзелам Макса Шчура і Яны Коліяшавай.
19.30-20.30 – Творчы вечар Макса Шчура.